"Восеньскi кiрмаш" запрашае ў госці вас!

09.11.2022

З дзяцінства чалавек павінен ганарыцца сваёй нацыянальнасцю, любіць свой дом, ведаць родную мову, цікавіцца культурай і гісторыяй свайго народа.

У нашай установе вялікая ўвага надаецца маральна-патрыятычнаму выхаванню дзяцей дашкольнага ўзросту. Асаблівую эфектыўнасць у гэтым напрамку набываюць беларускія святы і забавы.

На днях у старэйшых групах прайшоў “Восеньскі кірмаш”. У музычнай зале размясціліся ”гандлёвыя рады”: на сталах вырабы з саломы і гліны, ручнікі, стужкі, хусткі, кошыкі з садавінай і гароднінай. На свята завітала шмат гасцей: выхаванцы дзвюх малодшых груп №5,№6, сярэдняй групы №3, рознаўзроставай групы №4.

Атмасфера радасці і весялосці адчувалася на працягу ўсяго свята. На кірмашы хлопчыкі і дзяўчынкі прадэманстравалі веды роднай мовы. Дзеці з задавальненнем гулялі з “гарлачыкам” і ў “бульбінку”, спявалі беларускія песні, па-забіяцкі танцавалі “Трасуху” і  з восеньскім лісцем, весела гралі на музычных інструментах беларускую народную мелодыю “Бульба”.

Гэта яркае і запамінальнае мерапрыемства ўжо стала штогадовай традыцыяй нашага дашкольнага цэнтра.

поделиться в: